Дзень беларускага пісьменства
Як белая птушка, як яркая зорка,
Гучыць беларускае, роднае, гулкае,
Такое гасціннае і неад’емнае,
Такое прыгожае, сэрцу прыемнае.
2 верасня 2018 года Рэспубліка Беларусь святкавала 25-ы па ліку Дзень беларускага пісьменства. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў ў г. Іванава Брэсцкай вобласці стала тэма “Мая малая радзіма”.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, непарыўна звязаных з жыццём знакамітых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Першы Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў 1994 годзе ў горадзе Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка. У розныя гады свята адзначалася ў Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім і іншых гарадах − культурных цэнтрах Беларусі. У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк.
У аснову Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі працэсу напісання кніг, выдання газет і часопісаў.
Невыпадкова і тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура − тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе духоўны свет. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.
ўпраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг Адукацыйнага цэнтра Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у праекце “Віртуальная фотазамалёўка “Мая родная вуліца”, прысвечаным Году малой радзімы і накіраваным на стварэнне ўмоў для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны розных рэгіёнаў Беларусі.
Для ўдзелу ў праекце “Віртуальная фотазамалёўка „Мая родная вуліца“ неабходна выканаць творчую работу – фотазамалёўку – серыю фатаграфій, якія ў адвольнай мастацкай форме распавядаюць пра сваю родную вуліцу і могуць быць выкананы ў інфармацыйна-пазнавальным або лірычным
жанрах. Матэрыял павінен таксама суправаджацца кароткімі тэкставымі каментарыямі. Дапушчальныя фарматы фатаграфій – JPEG, PNG. Абмежаванне аб’ёму гатовай творчай работы ўстаноўлена ў 150 Мб.
Творчыя работы прымаюцца па снежань 2018 года. Усе работы размяшчаюцца на нацыянальным адукацыйным партале (http://www.adu.by) у раздзеле “Мая родная вуліца”. Праект з’яўляецца адкрытым па саставе ўдзельнікаў: работы могуць дасылаць як асобныя ўдзельнікі, так і аўтарскія калектывы (да трох чалавек уключна). Падрабязней з умовамі правядзення праекта і патрабаваннямі да творчых работ можна азнаёміцца ў інфармацыйным лісце і Палажэнні аб правядзенні адкрытага праекта .
Часопіс “Родная прырода” і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Міністэрствам адукацыі рэалізуе новы праект − рэспубліканскі конкурс ідэй “Прырода малой радзімы”.
Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца дарослыя і дзеці, вучні і іх настаўнікі − усе, хто любіць беларускую прыроду і хоча змяніць да лепшага экалагічную сітуацыю на сваёй малой радзіме і ў краіне ў цэлым.
Свае ідэі і праекты, накіраваныя на захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, вывучэнне экалагічных праблем населеных пунктаў і пошук шляхоў іх вырашэння можна дасылаць на адрас pryroda@zvіazda.by. Дадатковую інфармацыю і Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу ідэй “Прырода малой радзімы” можна прачытаць у часопісе “Родная прырода”, а таксама на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя minpriroda.gov.by.